ЛЯВО́НПАЛБСКАЯ СЯДЗІ́БА помнік сядзібна-паркавай архітэктуры барока ў в. Лявонпаль Міёрскага р-на Віцебскай вобл. Створана ў 1750 на левым беразе Зах. Дзвіны на заказ брэсцкага ваяводы М.Лапацінскага. Арх. А.Гену

(магчыма, Т.Жаброўскі). У час паўстання 1831 пашкоджана. У 1919 сядзібны дом адрамантаваны і прыстасаваны пад касцёл (унутр. планіроўка зменена). Ансамбль мае сіметрычна-восевую кампазіцыю. На восі сядзібы пастаўлена брама з элементамі дарычнага ордэра. Сядзібны дом — мураваны 1-павярховы будынак з сіметрычнай аб’ёмна-прасторавай структурай і 2-павярховай цэнтр. часткай, накрытай 2-схільным дахам з фігурнымі франтонамі на тарцах. Бакавыя выцягнутыя крылы з 2-схільнымі дахамі выступаюць на гал. і дваровым фасадах глыбокімі рызалітамі, завершанымі трохвугольнымі франтонамі. У дэкар. аздобе выкарыстана ордэрная пластыка: канеліраваныя пілястры, прафіляваныя карнізы і абрамленні прамавугольных аконных праёмаў (мелі дэкор у стылі ракако),

рустоўка і інш. За домам і паўадкрытым дваром, які ўтваралі 2 мураваныя 2-павярховыя флігелі (захаваўся заходні), размешчаны прамавугольны фрагмент рэгулярнага тэраснага парку, абмежаванага каналамі; меліся лабірынты і звярынец, дэкар, скульптура. У 1791 у парку пастаўлена мемар. калона ў гонар Канстытуцыі 3 мая. У 19 ст. паркавыя насаджэнні набылі пейзажную арг-цыю.

А.М.Кулагін.

Лявонпальская сядзіба. Сядзібны дом.

т. 9, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)